Смалявічы: Правацэнтрысты пашыраюць парадак дня

29 студзеня 2016 10:10  |  Галоўныя навіны

Смалявічы: Правацэнтрысты пашыраюць парадак дня

28 студзеня адбылася чарговая паездка лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі. Гэтым разам старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч рушылі ў Смалявічы.

Яны наведалі мясцовы рынак, дзе зачыненымі аказаліся 90 адсоткаў шапікаў і амаль няма пакупнікоў.

«Тыя, хто на рынку, жартуюць, але гэта такі чорны гумар, маўляў, трэба мяняць наменклатуру тавараў і закупляць вілы. Такім чынам намякаючы на безвыходную сітуацыю, – распавёў сайту ucpb.org Анатоль Лябедзька. – Ідуць на кантакт лёгка, даводзяць свае разумныя аргументы, чаму дзяржава ў гэтым канфлікце не мае рацыі. Гавораць на камеру СМІ, чаго раней не было. Так што, нешта адбываецца ў гэтым асяродку».

Раздаўшы жыхарам горада бюлетэні «Голас розуму» ды інфармацыйныя матэрыялы пра канфлікт ІП і ўраду, правацэнтрысты накіраваліся да мясцовага кіраўніцтва з прапановай правесці круглы стол па праблеме карупцыі ў рэгіёне. Але першай асобы на месцы не было.

«Нам парэкамендавалі пагутарыць з першым намеснікам, – працягвае Анатоль Лябедзька. – Але пакуль мы дайшлі да кабінета, высветлілася, што ніводнага намесніка няма. Відаць, ведалі, хто прыехаў, і таму гаварыць з намі сам насам пра карупцыю не захацелі. Мы пакінулі пісьмовы зварот з прапановай правесці круглы стол і Антыкарупцыйную платформу як дакумент для абмеркавання».

Трэцім пунктам на мапе правацэнтрыстаў сталі мясцовая гандлёвая сетка і падатковая інспекцыя.

«У прыватнасці нас зацікавіў канфіскат. Знайшлі такія рэчы ў мясцовым універмагу. Невялікі асартымент, але, як нам паведамілі, асноўную частку тавараў забралі ў Менск. Калі мы папрасілі паказаць сертыфікат якасці на гэтыя тавары, нам адказалі, маўляў, нічога няма, шукайце ў падатковай інспекцыі. У падатковай былі доўгія размовы, але галоўнае, што вынікае з усёй гэтай гісторыі, наступнае. Індывідуальных прадпрымальнікаў папракаюць (у тым ліку і Лукашэнка), што яны працуюць па нейкіх шэрых схемах і няшчырыя перад пакупніком. Але што робіць дзяржава? Той самы канфіскат, які забіраюць таксама і таму, што няма сертыфікату, звозяць у менскі гандлёвы цэнтр «Усходні», які з’яўляецца часткай Упраўлення справамі прэзідэнта, потым рэалізуюць. Вось такі левы даход для кішэні чыноўнікаў».

Падводзячы вынік лідар АГП адзначыў: «Паездка цікавая. Будзем працягваць такія сустрэчы і далей, таму што яны даюць добрыя камунікацыі з рознымі людзьмі і мажлівасць трымаць руку на пульсе».

Болей навін