На курсах Дыджэяў Адраджэння перамаглі бацька пяці дзяцей і настаўніца танцаў (фота)

05 мая 2016 09:29  |  Галоўныя навіны

На курсах Дыджэяў Адраджэння перамаглі бацька пяці дзяцей і настаўніца танцаў (фота)

У Мінску прайшоў выпускны Дыджэяў Адраджэння 2016 года. На трохмесяцовых курсах, якія праводзяцца вось ужо адзінаццаты раз з 1999 года, маладых беларусаў вучаць выступаць перад публікай, арганізоўваць культурніцкія і грамадскія акцыі, весці віктарыны паводле формулы “Беларуская форма – хрысціянскі змест”.

Чаму так? Толькі беларусізацыя сама па сабе праблемы краіны не вырашыць, упэўненыя дыджэі – патрэбнае яшчэ і глыбокае духоўнае пераўтварэнне, маральная рэвалюцыя.

На курсах будучыя “джэдаі” праходзяць выпрабаванні – арганізоўваюць акцыі з розгаласам у СМІ, праводзяць “Шоў Беларушчыны” і “высаджваюцца з парашутам” – едуць з асветніцкай місіяй у глухія куткі Беларусі. Кожны занятак агучваецца рэйтынг навучэнцаў – і 12 найлепшых робяцца дыпламаванымі Дыджэямі Адраджэння.

Выпускнікі дыджэйскіх курсаў розных гадоў – дырэктар “Еўрарадыё” у Беларусі Віталь Зыблюк, міжнароднік Сяржук Лісічонак (Прадстаўніцтва ААН у Беларусі), сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі, лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан, маладафронтаўцы Наста Палажанка-Дашкевіч і Зьміцер Хведарук, кіраўнікі БХД Дзяніс Садоўскі, Вольга Кавалькова і Павел Пракаповіч, вядомыя менскія экскурсаводы Павел Дзюсекаў і Валерыя Чарнаморцава, дырэктар інтэрнэт-крамы “Імбрык.бай” Алесь Мазанік, кіраўнік “Кінаконга” Андрэй Кім і многія іншыя.

У сёлетнім спаборніцтве найвышэйшую – і аднолькавую – колькасць балаў набралі бацька пяці дзяцей, супрацоўнік прафсаюзу РЭП Ілля Дабратвор і журналістка “Новага Часу”, настаўніца танцаў Вікторыя Чаплева.

Дванаццаці пераможцам былі ўручаныя сапраўдныя вышыванкі, кнігі “Люблю Беларусь” і музычныя дыскі “Беларускі хрысціянскі хіт”.

Завершыцца выпуск трохдзённым “дыджэйскім” летнікам на Меншчыне.

На курсах Дыджэяў Адраджэння перамаглі бацька пяці дзяцей і настаўніца танцаў (фота)
На курсах Дыджэяў Адраджэння перамаглі бацька пяці дзяцей і настаўніца танцаў (фота)

Болей навін