Чырвоны чалавек і чалавек савецкі

11 мая 2016 10:16  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Мы двое были белы цветом кожи,
А женщина была черна,
И все же с нами цветом схожа
Среди всех них
была одна она.
Мы шли втроем навстречу глаз свинцу,
Шли взявшись под руки, через расстрел их,
Шли трое красных
через сотни белых,
Шли как пощечина по их лицу.

К.Симонов “Красное и белое”

Вельмі трапна выказваецца Святлана Алексіевіч пра савецкага чалавека – і вельмі няўдала называе яго “чырвоным чалавекам”. А мы падхопліваем – і дарма.

Спадарства, савецкі чалавек як тыпаж – аніразу не чырвоны!

Чырвоны – колер сацыяльнай салідарнасці і барацьбы за роўнасць, за правы сацыяльна прыніжаных і эксплуатаваных. Гэта колер рэвалюцыі – мірнай ці нямірнай. Гэта колер Чэ Гевары і Анджэлы Дэвіс, народавольцаў і Чарльза Дыкенса… Спіс доўгі; і ім суседствуюць вялікія гуманісты і тэрарысты, але яднае іх рэвалюцыйная барацьба за свабоду.

Паказальны шлях чырвонага чалавека ў дваццатым і дваццаць першым стагоддзях – жыццяшлях Анджэлы Дэвіс, вучонай, актывісткі і выкладчыцы ўніверсітэта, барацьбіта супраць смяротнага пакарання, дыскрымінацыі і гамафобіі; якая ў маладосці была левым радыкалам і камуністкай, але парвала з амерыканскай кампартыяй калі тая падтрымала ГКЧП.

Чырвоны чалавек спрычыніўся да стварэння страшнага сацлагеру. Але менавіта чырвоны чалавек і дапамог адносна-свабоднаму свету Захада выйграць халодную вайну – рэалізаваўшы левую ідэю ва ўмераным варыянце, што спрычынілася да падвышэння якасці жыцця шырокіх мас на Захадзе, так што перавага дэмакратычных краінаў над аўтарытарнымі зрабілася відавочнай (у часы калі змагаліся Лулумба і Гевара – такой відавочнасці не было, была жорсткая рэальнасць дзікага капіталізму, якую і сёння можна ўбачыць у псеўдачырвоным Кітаі і іншых краінах дзе правы працоўных не абароненыя і пануе эксплуатацыя).

Мяне чырвонай ідэі навучыў не постСССР, а Захад. Дзе людзі добра памятаюць дыкенсаўскую рэальнасць дзікага капіталізма і ўсведамляюць, што для таго каб наяўныя правы і сацыяльныя гарантыі захаваліся, неабходна, каб барацьба за іх не спынялася; дзе свята Першамаю захавала свой аўтэнтычны сэнс, а не ператварылася ў дэманстрацыю вернападданніцкага канфармізму.

Сярод савецкіх людзей былі чырвоныя. Гэта тыя, хто насамрэч верыў у ідэялы роўнасці, дружбы народаў, салідарнасці. Але яны былі ў меньшасці. Часам з-за сваёй веры, выхаванай правільнымі словамі, за якімі імперыя хавала паганыя справы, – апыналіся ў дысідэнтах.

А хома саветыкус у сваіх тыповым выглядзе, з яго канфармізмам, двайной мараллю, прыстасавальніцтвам і страхам – не чырвоны. Ён ці шэра-бура-малінавы, ці проста шэры, ці нават падманліва-белы як сталінскі мундзір з пагонамі. Яго, гэтага баязлівага і таталітарнага прыстасавальніка, і варта з сабе выціскваць.

Настальгія па Саюзу, які насамрэч быў не саюзам а імперыяй, нясенне кветак на магілу Сталіна – усё гэта зусім не чырвонае. Гэта контррэвалюцыя у дрэнным значэнні гэтага слова. А чырвоны чалавек – гэта рэвалюцыянер. Шукайма яго хоць у антыдыскрымінацыйнай плыні, хоць сярод анархістаў, хоць у асобе Пятра Паўленскага і аматараў ягонага мастацтва – але ў рэвалюцыі. Там, дзе ёсць барацьба за свабоду і справядлівасць.

На жаль, вельмі часта ў гісторыі, а то і ў сучаснасці, чырвоны чалавек скептычна ставіцца да Царквы. Але ў гэтым столькі ж віны хрысціянаў і царквы з маленькай літары, колькі ў чырвоным чалавеку – хрысціянскага. Хрысціянскага жадання дабра людзям і барацьбы за іх правы, барацьбы супраць зла. На жаль, часам хрысціяне не падтрымлівалі барацьбу за свабоду і за правы чалавека, а то і надварот заклікалі да згоды з несвабодай і несправядлівасцю – і гэта зрабілася спакусай для чырвонага чалавека. На шчасце, у многіх выпадках спакуса гэтая перадоленая.

У сваім мірным варыянце (з хрысціянскай павагай да асобы і да прыватнай уласнасці) чырвоны чалавек змяніў свет да лепшага. І працягвае гэта рабіць.

Болей навін