У Гомелі актывісты правялі экалагічны перфоманс «Памятаем. Смуткуем» (фота)

25 мая 2016 12:46  |  Грамадства

У Гомелі актывісты правялі экалагічны перфоманс «Памятаем. Смуткуем» (фота)

У Гомелі 24 траўня актывісты розных кампаній, ініцыятыў і рухаў правялі экалагічны перфоманс (флэш-моб) «Памятаем. Смуткуем ». Пратэстуючы супраць планаў уладаў па пашырэнні праезнай часткі вуліцы Пралетарскай і знішчэнню зялёных насаджэнняў, удзельнікі перфомансу павязалі на маладыя дрэвы жалобныя стужачкі. Некалькі гадоў таму высаджаныя дрэвы ўлады плануюць ссекчы. Па словах каардынатара грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Андрэя Аксёнава, удзельнікі перфомансу хочуць прыцягнуць увагу не толькі гараджан, але і мясцовай улады ў першую чаргу да праблемы вырубкі дрэў у цэнтры Гомеля. Паводле яго слоў, горад у апошні час ператвараецца ў суцэльную вуліцу, прыдатную толькі для руху транспарту. Так, ужо высеклі дрэвы ўздоўж вуліцы Кірава, пры пашырэнні парковачных кішэняў каля Дома быту на Інтэрнацыянальнай, каля АКЦ на Ланге.

«Сама па сабе дадзеная працэдура даволі-такі працяглая па сродках. Мы мяркуем, што гэта не проста высечка, а «распілоўванне» – верагодныя выпадкі нямэтавага расходавання бюджэтных грошай. На Пралетарскай некалькі гадоў таму пасадзілі дрэвы, і ўжо тады меркавалася пашырэнне вуліцы, – ці быў сэнс у пасадцы наогул? Калі робяцца кампенсацыйныя пасадкі ў Гомелі – то гэта адбываецца ў незразумелых нам месцах, іх вельмі складана адсачыць, і самае галоўнае – яны ніколі не з’яўляюцца ў цэнтры Гомеля», – растлумачыў Аксёнаў.

Рэдактар «Гомельскага зялёнага партала» Яўген Меркіс дадаў, што планы ўладаў па зменах цэнтра горада супярэчаць заканадаўству. Да прыкладу, з адказу пракуратуры на зварот актывістаў вынікае, што будаўніцтва падземных пераходаў на плошчы Леніна супярэчыць заканадаўству. «Але тым не менш, гарвыканкам вылучае 210 мільёнаў рублёў на перадпраектную дакументацыю, ведаючы, што гэта парушае закон. Так, Гомель расце, патрэбныя змены, мы зусім не супраць. Але трэба ўлічваць інтарэсы не толькі аўтамабілістаў, але і пешаходаў, веласіпедыстаў, інвалідаў, мам з каляскамі. Таму што вечна пашыраць дарогі не атрымаецца», – адзначыў Меркіс. Ён падкрэсліў, што актывісты выступаюць за раўнапраўны дыялог паміж уладай і грамадствам.

Рэгіянальны каардынатар па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Аляксандр Шарыпы заявіў, што ўдзельнікі акцыі сапраўды смуткуюць аб тым, што былі выдаткаваныя бюджэтныя грошы Гомеля на высадку маладых дрэў, а цяпер будуць выдаткаваныя сродкі, каб ссекчы гэтыя дрэвы. «Смуткуем аб тым, што гарадскія ўлады зусім не раяцца з грамадзянамі пры прыняцці рашэнняў і галоўнае – пры марнаванні нашых з вамі грошай. Мы хочам, каб мы ўсе жылі па сродках, і грошы каб з бюджэту трацілі разумна. Генеральны план – гэта дакумент з перспектывай на 20-30 гадоў, дадзены Генплан быў падпісаны ў 2003 годзе, і гэта кажа, што спецыялісты Гомельскага гарвыканкама не валодаюць зместам гэтага дакумента», – падсумаваў Шарыпы.

Жалобнымі стужачкамі былі абвязаныя 24 дрэвы.

Алена Германовіч, БелаПАН

Болей навін