Жыхара Пінска за барацьбу за якасную мэдыцыну ледзь не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці

30 мая 2016 16:50  |  Грамадства

Жыхара Пінска за барацьбу за якасную мэдыцыну ледзь не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці

Жыхар Пінска Юрый Бахцераў з лістапада мінулага года вядзе барацьбу за якасную медыцыну ў горадзе, за што яго хацелі нават прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

У лістападзе 2015 года ў Пінскай цэнтральнай паліклініцы яму прызначылі лазератэрапію. Але запісацца ён змог толькі на люты 2016 года, гэта значыць, чакаць неабходна было яшчэ тры месяцы. Тады пінчук звярнуўся з прапановай да намесніцы галоўнага ўрача Вольгі Цвірко, якую пераканаў арганізаваць працу лазератэрапіі ў дзве змены і купіць яшчэ адзін лазер. З 21 снежня кабінет лазератэрапіі стаў працаваць у дзве змены, хоць сродкаў для закупкі лазера не знайшлося.

Разам з тым такія паводзіны пацыента не спадабаліся галоўдоктару Сяргею Конюху, і ён 25 студзеня звярнуўся ў Пінскі ГАУС, каб прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці па арт.9.2 КаАП нібыта за паклёп на кіраўніцтва паліклінікі. Аднак праведзеная міліцыяй праверка словы галоўнага ўрача не пацверзіла.

Таксама Юры Бахцераў адзначыў у Кнізе заўваг і прапаноў, што некаторыя лекары не выконваюць свае абавязкі, а таксама не пакідаюць запісаў у медкарце аб прыёме пацыентаў. Кіраўніцтва паліклінікі ў сваім адказе паведаміла, што факты гэтыя пацвердзіліся і ліквідаваныя, а вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці. Таксама ліквідаваныя і «пяціхвілінкі».

Акрамя гэтага мужчына напісаў у КЗіП, што ў аддзяленні медрэабілітацыі працуе 30 чалавек у дзве змены, кіраўніцтва паліклінікі не жадае арганізаваць працу аддзялення на належным узроўні, але пра сябе не забылася. Палічыўшы адказ галоўнага лекара аб тым, што ён разам з прафсаюзным камітэтам абараняе правы і інтарэсы сваіх работнікаў і ўдзельнічае ў арганізацыі і паляпшэнні ўмоў іх працы, адпіскай, Юрый Бахцераў 19 сакавіка звярнуўся на «прамую тэлефонную лінію» да старшыні Брэсцкага аблвыканкама, папрасіўшы набыць лазер коштам 6-8 млн рублёў і стварыць належныя ўмовы працы медперсаналу ў аддзяленні медрэабілітацыі.

«Пасля майго званка ў Брэст галоўдоктару хапіла тыдня, каб вырашыць пытанні з якімі я неаднаразова да яго звяртаўся», – паведаміў неабыякавы жыхар Пінска.

Таксама ён паведаміў, што ў сакавіку звярнуўся ў адміністрацыйную камісію Пінскага гарвыканкама, бо намесніца галоўнага лекара Сомар парушала патрабаванні арт.9.24 КаАП і не адказвала на зварот грамадзян, як таго патрабуе Закон. 6 красавіка яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за ігнараванне патрабаванняў заканадаўства.

«Да таго часу, пакуль у чыноўнікаў будзе такое стаўленне да пацыентаў, чакаць медабслугоўванне на ўзроўні еўрапейскага не варта, таму мы так і жывем», – падкрэсліў Юрый Бахцераў.

Болей навін