Алесю Садоўскую асудзілі на 2,5 гады абмежавання волі

17 чэрвеня 2016 15:26  |  Галоўныя навіны

Алесю Садоўскую асудзілі на 2,5 гады абмежавання волі

Жыхарку Маладзечна Алесю Садоўскую 17 чэрвеня ў будынку Маладзечненскага РУУС прысудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пра гэта прэсавай службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паведаміў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.

Яе прызналі вінаватай у пагрозах і нанясенні пашкоджання чыноўніцы, якая ініцыявала адабранне дачкі Алесі Садоўскай. “Доказаў у судзе прадстаўлена не было. Сама Алеся сваёй віны не прызнала”, – заявіў каардынатар БХД.

“Зараз яна збіраецца змагацца за сваю дачку, бо без дачкі і воля не ў радасць, кажа яна”, – адзначыў Павел Пракаповіч.

У навагоднюю ноч, 1 студзеня 2013, Алеся Садоўская была жорстка збіта міліцыянтамі ў Маладзечненскім РУУСе, доказам чаму былі відэазапісы з камераў назірання. Пасля спробы падаць скаргу ў Следчы камітэт на незаконныя дзеянні міліцыі супраць Алесі Садоўскай распачалі крымінальную справу і прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, а ў яе неўзабаве адабралі непаўнагадовую дачку Кацярыну.

Напярэдадні суду Алесі Садоўскай, якая знаходзілася ў зняволенні, актывісты перадалі Біблію і лекі.

Болей навін