“Я б вас, беларусаў, страляў бы, страляў, страляў!…”

05 ліпеня 2016 09:33  |  Блог Таццяны Севярынец

Наш суразмоўца аж захлынаецца ад злосці і роспачы. “Я расеец, я сюды прыехаў, бо паверыў, што тут рай і парадак, грамадзянства прыняў. А тут у вас такая карупцыя, што нам, у Расеі, і не снілася. Вы ведаеце, дзе 31-я школа? Як малой маёй дачушцы туды з гэтага праклятага Білева ездзіць? А хабар даў – усё, вучыцца ў 46-й школе, і месца знайшлося! А вы проста піярыцеся са сваёй паліклінікай! Што вы зробіце? Я супраць вашага прэзідэнта. Супраць вашай улады. А вы тут ходзіце! А вы церпіце! Толькі рэвалюцыя выратуе Беларусь!”- не дае сказаць слова. Навісае аграмаднай камлыгай, гатовы стаптаць. Адрываецца, выказвае набалелае (Даруем, ну, выказаўся чалавек, душы палегчала).

“Ты забі вось гэтае прозвішча ў пашукавік, – тыцкае ў падпісны ліст, дзе пазначана “Таццяна Севярынец”, спартовага выгляду маладзён свайму сябру, – вось падпішыся, дык пабачыш, куляй выляціш з працы. Сам жа хутка збягае (Міліцыянт, такіх баязліўцаў, якія нават не разумеюць, да якога жабрацкага стану дайшлі, хапае – ім забаронена падпісваць хоць які зварот ці падпісны ліст).

Яшчэ адзін: “Нехта з вашае каманды мінулы раз не даў мне нават прачытаць, за што я падпісваюся, усё, няма вам даверу. Папрашу больш не турбаваць”, – дзверы захлопваюцца (Няпраўда, менавіта ў гэтым доме подпісы пад калектыўным зваротам за вырашэнне балючых праблем білеўцаў збірала я сама, заўсёды настойваю, каб людзі прачыталі, за што падпісваюцца, таго ж патрабую і ад каманды. Спрабую патлумачыць, але чалавек пераходзіць на крык, быццам мы тут яго забіваць прыйшлі – значыць, атрымаў пад самы плех за той подпіс).
Дарэчы, у парушэнні “Закона аб зваротах грамадзян”, арт 5, віцебскія ўлады з 2008 году шырока практыкуюць праверку подпісаў пад зваротамі, подпісаў у падтрымку апазіцыйнага кандыдата і, калі чалавек хоць колькі залежны, ціснуць на яго і страшаць, прымушаюць ад таго подпісу адмовіцца.

“Толькі таму, што вылучаецеся вы, падпішу, бо нікому больш не давяраю”, -гэта чуем значна часцей, і людзі распавядаюць, як ім цяжка без даўно абяцанай паліклінікі, як цяжка вазіць дзетак у дзіцячы садок з Білева ў другі канец горада, бо 2 дзіцячыя садкі і адна школа ў шматтысячным мікрараёне няздольныя прыняць маленькіх жыхароў, як страшна за малых, якія павінны так далёка ездзіць у школку, як ім абрыдла ўся гэтая ўлада, што толькі і ведае, як увесь час залазіць у кішэні.

“Ну так, падпісалі заяву, што адмаўляемся ад часткі заробку… А не падпішаш, звольняць, заробкі мізэрныя, нясвоечасова выплочваюць ды яшчэ і рабуюць”, – гэта скардзіцца працаўніца будаўнічага трэсту.

Выслухваем, падбадзёрваем, спачуваем, раім, навучаем.

Яшчэ, бывае, пачуўшы пра выбары, людзі проста не адкрываюць дзверы: “Пайшлі вы са сваімі выбарамі!”

Так праходзіць збор подпісаў у Віцебскай –Чкалаўскай выбарчай акрузе №18…

Знявераныя, застрашаныя, абыякавыя, агрэсіўныя, засмучаныя – нашыя выбарцы. За гэты стан людзей, грамадзянаў найпрыгажэйшай краіны ў свеце, краіны ваяроў і інтэлектуалаў, адказваць рэжыму.

Таццяна Севярынец

Болей навін