У Маладзечанскім раёне прамоўца БХД змагаецца супраць неэкалагічных свінакомплексаў (відэа)

27 ліпеня 2016 17:01  |  Палітыка

У Маладзечанскім раёне прамоўца БХД змагаецца супраць неэкалагічных свінакомплексаў (відэа)

Хоць Юрый Чыж за кратамі, ідэя свінакомплексаў на сто тысяч галоў у Маладзечанскім раёне нікуды не знікла.

Будоўляй мае заняцца былы партнёр зняволенага бізнесоўцы Аляксей Алексін. Мясцовыя жыхары і эколагі бʼюць трывогу – гэта катастрофа і пагроза нашаму здароўю. Але што значыць голас тых, хто тут нарадзіўся і каму належыць гэтая зямля, супраць указу Лукашэнкі?

Беларусы адстойваюць сваё права жыць на чыстай зямлі. Жыхары аграгарадкоў Бярэзінскае і Палачаны пратэстуюць супраць будаўніцтва свінакомплексаў. Сёння да гэтага змагання далучыліся і грамадскія актывісты.

Гэтыя вёскі ўжо аточаныя рознымі прадпрыемствамі – тут і ферма, і асфальтавы завод. А яшчэ маюць узнікнуць два свінакомплексы, разлічаныя на 100 тыс. галоваў кожны.

«Калі яны пачнуць будаваць, яны зоймуць усё. Мяжа будзе каля чыгункі, а мы акурат жывем каля яе. І вакол вёскі. Таму ружа вятроў, якая б яна не была, будзе дуць паўсюль», – кажа жыхар вёскі Палачаны Міхаіл Бекіш.
Куды толькі вяскоўцы не звярталіся – і да мясцовых уладаў, і ў аблвыканкам, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Паўсюль – адпіскі. Усіх довадаў людзей, што будоўля ідзе з парушэннем нормаў, што сціплае фінансаванне праекту ставіць пад пагрозу экалогію ды здароўе жыхароў аграгарадкоў, мясцовыя ўлады на апошнім грамадскім абмеркаванні пад увагу не ўзялі.

«Пытанні прапускалі міма вушэй. Хамілі. А пад канец паседжання сказалі – будоўлі ўсе роўна быць», – распавядае жыхарка вёскі Палачаны Наталля.
Магчыма, такія паводзіны мясцовых уладаў тлумачацца тым, што за праектам у свой час стаяў Юрый Чыж, да нядаўняга часу вядомы сваім блізкім сяброўствам з Лукашэнкам.

Дапамагчы абараніць сваю зямлю ад шкоднае вытворчасці выклікаліся прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Прадстаўнік БХД Павел Пракаповіч, які пастанавіў скарыстаць удзел у выбарах да прыцягнення ўвагі да гэтае праблемы, зладзіў пікет у аграгарадку Бярэзінскае.

«Бязмежжа. Нармалёвыя інвестары да нас не прыходзяць. А яны б маглі пабудаваць гэты свінакомплекс даражэй, з новымі тэхналогіямі, з газавымі ўстаноўкамі, з дастатковай колькасцю лагунаў», – мяркуе Павел Пракаповіч.
Мы запыталі мясцовых жыхароў, ці трэба будаваць такога кшталту свінакомплексы ўсяго за некалькі кіламетраў ад Бярэзінскага. Некаторыя выступаюць супраць такога праекту, некаторыя ж – падтрымліваюць.

Але актывісты настаўленыя аптымістычна – кажуць, што будуць змагацца да апошняга, працягнуць збіраць подпісы за скасаванне будаўніцтва, а калі гэта не дапаможа – звяртацца ўва ўсе магчымыя міжнародныя інстытуты.

Віталь Бабін, Белсат

Болей навін