Віталь Рымашэўскі: сапраўдныя дэпутаты павінны арганізаваць імпічмент Лукашэнку (відэа)

27 жніўня 2016 10:58  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: сапраўдныя дэпутаты павінны арганізаваць імпічмент Лукашэнку (відэа)

Парламент не павінен выконваць пастановы прэзідэнта, а павінен ствараць законы дзеля людзей. Пра гэта падчас тэледэбатаў заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, выступаючы ў якасці даверанай асобы прамоўцы па Крычаўскай акрузе № 83 Таццяны Шамбалавай.

Паводле яго, першае, што павінны зрабіць сапраўдныя дэпутаты, калі патрапяць у Палату прадстаўнікоў – арганізаваць імпічмент Аляксандру Лукашэнку. “Усе даўно ведаюць, хто вінаваты ў тым, як мы жывем. Засталося вырашыць, што з гэтым рабіць”, – заявіў палітык.

“Як і ў любой цывілізаванай краіне, у Беларусі адна асоба не павінна кіраваць пажыццёва. Мы не абіралі сабе цара, мы абіралі прэзідэнта. Абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі – гэта справа парламенту”, – падкрэсліў ён.

Віталь Рымашэўскі прапанаваў паглядзець, якія законы падтрымалі дэпутаты за мінулыя гады: прынялі закон аб дармаедстве, увялі падатак на аўтамабілі, павысілі пенсійны ўзрост, адмянілі льготы для шматдзетных сем’яў.

“Мільярды грошаў, каб пабудаваць новы палац для прэзідэнта, яны знайшлі. Але дзеля таго, каб мадэрнізаваць паліклінікі і лякарні – на гэта грошаў няма. Аднак няма грошаў дзяржаўных – ёсць грошы народныя”, – сказаў сустаршыня БХД, заявіўшы, што сёння ўлада бароніць толькі інтарэсы прэзідэнта і чыноўнікаў.

“Калі і ёсць у нашай краіне сапраўдныя дармаеды, дык іх трэба пашукаць у Палаце прадстаўнікоў. За тры гады яны распрацавалі два законы”, – дадаў ён.

Адзначым, што вядоўца тэледэбатаў увесь час перабіваў Віталя Рымашэўскага, спрабуючы накіраваць яго выступ па сваім сцэнары.

Болей навін