Алёна Шабуня. Выбары ў Беларусі, як цырк: ілюзіяністы, лаўкачы, толькі радасці ў гледачоў няма

17 верасня 2016 18:02  |  Палітыка

Алёна Шабуня. Выбары ў Беларусі,  як  цырк: ілюзіяністы, лаўкачы, толькі радасці ў гледачоў няма

Так званыя “выбары” скончыліся, але засталося шмат пытанняў. За гэтыя дні шмат было тэлефонных званкоў ад знаёмых з пытаннямі як прайшлі выбары. Многія казалі, што аддалі свой голас за мяне. Дзякуй вам, мае дарагія знаёмыя і незнаёмыя аднадумцы, жадаючыя лепшага жыцця для Беларусі, ваша падтрымка надае моцы для далейшай працы.

Я, як кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай агрузе №19, не магла быць назіральнікам на сваёй акрузе, магла толькі прысутнічаць на адным з участкаў пры падліку галасоў. З асабістага вопыту ведаю, што бліжэй, чым на тры метры, да сарціроўкі бюлетэней старшыня камісіі падысці не дазваляе. Таму такое назіранне бессэнсоўнае – у пратаколы пішуць тое, што загадана.

Не на ўсіх выбарчых участках 19 акругі, але ўсё ж былі назіральнікі, якія зафіксавалі фальсіфікацыю вынікаў. Але, калі вы нават там не былі, але маеце аналітычны розум, то судзіце самі па наступнай інфармацыі.

На пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19 абвясцілі вынікі. На акрузе пражывае 64 385 выбарцаў. Прагаласавала 87.1%. З іх датэрмінова – 24 846 чалавек, па месцы знаходжання (дома) – 6 241 чалавек, на участках 11 верасня – 25 016 чалавек.

Прызначэнцу ад улады Васілю Чэкану напісалі 77.9 %.

На акрузе 44 выбарчыя участкі. Атрымліваецца, што ў сярэднім, на кожным участку дома прагаласавала больш за 140 чалавек. Калі ўявіць, што ўсе яны жывуць у адным шматпавярховым доме і на кожнага затрачана толькі па 5 хвілін – членам камісіі прыйшлося б хадзіць 12 гадзін. Але былі і іншыя выпадкі.

11 верасня на участку №33 назіральнікі Яўген Інц і Анатоль Родзік сталі сведкамі наступнай сітуацыі. У 17.30 старшыня камісіі Алена Захарава абвясціла, што па месцы знаходжання зарэгістравана 96 выбарцаў. Пасля гэтага члены камісіі на ўчастак з перанаснымі скрынямі не выязджалі. Пры падліку галасоў у перанасных скрынях аказалася 198 бюлетэняў.

Падобныя выпадкі былі на іншых участках: прыпіскі, укіды.

На пасяджэнні старшыня акруговай камісіі Святлана Міхальчанка ў чарговы раз паказала сваю некампетэнтнасць. Даведаўшыся, што я, кандыдат у дэпутаты па акрузе №19, назірала на акрузе №18, заявіла, што я парушыла Выбарчы кодэкс, што я не мела права быць назіральнікам. На маю просьбу назваць артыкул, які забараняе кандыдату ў дэпутаты быць назіральнікам на іншай акрузе, адказала, што зараз не можа назваць, а паведаміць мне пісьмова. Відаць, збіраецца на свой лад перарабіць Выбарчы кодэкс.

Я назірала за выбарчым працэсам на участку для галасавання №72 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18. Старшынёй выбарчай камісіі была Ірына Чумакова. За выбарамі назіралі на працягу шасці дзён. Хацелі дзяжурыць і ноччу, але нам не дазволілі. За гэтыя дні не было падстаў для скаргаў. Ведаючы, што падлік галасоў заўсёды праводзіцца з парушэннямі Выбарчага заканадаўства, загадзя напісала скаргу, каб потым паспець падаць. Але яшчэ раз вырашыла звярнуцца да старшыні і членаў камісіі з прапановай “аб адкрытым і галосным падліку галасоў”. У сваім звароце напісала: “…Казаць аб тым, што дэманстрацыя кожнага бюлетэня зойме шмат часу, проста несур’ёзна. Калі б членам камісіі выдалі 1 500 даляраў аднацэнтавымі манетамі, то члены камісіі пералічылі б гэта і не адзін раз, каб нікога не пакрыўдзіць. А выбары для Беларусі абыходзяцца значна больш…”

І тут я была вельмі здзіўлена: яны пагадзіліся паказаць мне ўсе бюлетэні!!! Такога не было ні на адным участку ў Беларусі за апошнія 20 гадоў! Мы стаялі ля самага стала, а потым мне (і тым, хто хацеў) прадэманстравалі бюлетэні самага вялікага стоса (астатнія глядзець сэнсу не было).

Па колькасці прагаласаваўшых падлікі камісіі і нашы поўнасцю супалі.

Па месцы знаходжання прагаласавалі 33 чалавекі, члены камісіі на гэта патрацілі каля сямі гадзін.

У галасаванні прынялі ўдзел 34% выбарцаў.

Так, знешне паскардзіцца на арганізацыю выбарчага працэсу на участку №72 не было за што. Але, час ад часу, на выбарчых участак прыходзілі ў адзін час жыхары з аднаго дома (дружненька так), або супрацоўнікі міліцыі, МНС. З чаго гэта? Адказы на мае маўклівыя пытанні атрымала ў панядзелак на гарадскім прыпынку. Людзі абмяркоўвалі выбары.

Два супрацоўнікі міліцыі:

– Першы раз за ўвесь час не пайшоў на выбары, паехаў у выхадныя на дачу, дык тэлефануе начальнік і пытае, чаму я не ўдзельнічаў у выбарах. Кажу яму, што мяне няма ў горадзе. А ён мне: а ты рапарт пісаў на выезд?! Дасталі!

Дзве жанчыны сярэдняга ўзросту:

– Дасталі гэтыя выбары: у нядзелю першы раз пазванілі ў дзверы – я не адчыніла. Праз гадзіну зноў звоняць – не адчыніла!

– А я не збіралася ісці таксама. Але муж у пятніцу прыехаў і сказаў збірацца без размоў. Ты ж ведаеш, дзе ён працуе, могуць і зволіць, калі не пойдзе галасаваць датэрмінова. Я ад злосці выкрасліла ўсіх.

Ілюзія, што на нашым участку былі сапраўдныя выбары без фальсіфікацый і прымусу, зніклі.

Алёна Шабуня, кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19

Болей навін