Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб скасаванні манаполіі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі”

03 снежня 2016 16:33  |  Палітыка

Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб скасаванні манаполіі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі”

Мы, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, адзначаем, што ў Рэспубліцы Беларусь незалежныя моладзевыя арганізацыі не могуць афіцыйна дзейнічаць у навучальных установах: там абсалютная манаполія Беларускага Рэспубліканскага Саюзу Моладзі, які праводзіць палітыку ўрада, за што атрымлівае дзяржаўнае фінансаванне за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Апроч таго, мы, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, абураныя заявамі кіраўніцтва БРСМ і іх дзеяннямі. А менавіта: падтрымкай прымусовага размеркавання, заахвочваннем моладзі да ўдзелу ў сустрэчах з ідэолагамі “рускага свету”, публічнай знявагай беларускай мовы і гістарычных падзей.

Таксама абурае той факт, што ў сваім уставе БРСМ адкрыта заяўляе, што гэта арганізацыя з’яўляецца правапераемнікам Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі – злачыннай камуністычнай арганізацыі часоў СССР, віннай у палітычных рэпрэсіях. У Беларусі, якая пацярпела ад бальшавіцкага тэрору – гэта не дапушчальна. У сувязі з гэтым мы патрабуем:

1. Абмежаваць манапольную дзейнасць арганізацыі БРСМ у межах навучальных устаноў Беларусі.

2. Забяспечыць роўныя ўмовы доступу ўсім моладзевым арганізацыям да аўдыторыі беларускіх студэнтаў і школьнікаў.

3. Спыніць усякую падтрымку і выдаткаванне сродкаў у адрас БРСМ з дзяржаўнага бюджэту.

4. Грошы, якія выдаткоўваюцца на дзейнасць БРСМ перадаць на падтрымку дзіцячых дамоў і сістэмы аховы здароўя для дзяцей і моладзі.

Болей навін