Хрысціянская дэмакратыя як “залатая сярэдзіна” ў палітыцы

20 студзеня 2017 12:50  |  Галоўныя навіны

Хрысціянская дэмакратыя як "залатая сярэдзіна" ў палітыцы

Пасля краху камунізму напрыканцы ХХ стагоддзя адраджэнне хрысціянскай дэмакратыі пачалося на тэрыторыі былога сацыялістычнага лагеру – у Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Літве, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Украіне, Расеі, Беларусі.

У 1961 годзе быў створаны Еўрапейскі Саюз Хрысціянскіх Дэмакратаў, у 1979 – Еўрапейская Народная Партыя, зараз – найбуйнейшая палітычная сіла Еўразвязу (на 2017 год – 217 з 751 месца ў Еўрапарламенце).

Такія партыі, як ХДС Гельмута Коля і Ангелы Меркель, Народная Партыя Іспаніі, італьянскія народнікі, Хрысціянска-Дэмакратычны Адказ Нідэрландаў, бельгійскія і аўстрыйскія хадэкі – сярод галоўных архітэктараў сённяшняга еўрапейскага праекту.

На сёння хрысціянская дэмакратыя – своеасаблівая “залатая сярэдзіна” паміж кансерватызмам, лібералізмам і сацыялізмам.

Ад кансерватызму яна бярэ патрыятызм, павагу да традыцыяў, цвёрдую пазіцыю ў пытаннях маралі, але адначасова адкідае нацыянальны эгаізм ды застаецца адкрытай да зменаў у грамадстве. З лібералізмам хрысціянскую дэмакратыю лучаць ідэя асабістай свабоды і рынкавыя падыходы ў эканоміцы, але хадэкі не прымаюць ліберальнага стаўлення да чалавечага грэху як нормы. З сацыялізмам у хрысціянскай дэмакратыі аднолькавыя ідэі сацыяльнай адказнасці ды салідарнасці – але супрацьлеглы погляд на ролю дзяржавы й непрыманне ідэі класавай барацьбы.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін