Адміністрацыя прэзідэнта «прыняла да ведама» патрабаванні Севярынца пра адстаўкі Лукашэнкі, Кабякова і Качанавай

23 лютага 2017 16:04  |  Палітыка

Адміністрацыя прэзідэнта «прыняла да ведама» патрабаванні Севярынца пра адстаўкі Лукашэнкі, Кабякова і Качанавай

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец атрымаў з Адміністрацыі прэзідэнта адказ на перададзены 15 лютага зварот з патрабаваннямі адмены дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, піша БелаПАН.

Да звароту ён таксама прыклаў скрыншот са старонкі тэлеканала «Белсат» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», дзе карыстальнікам прапаноўвалася паставіць лайк, калі яны выступаюць супраць дэкрэта. Запіс сабраў больш за 180 тыс. адзнак.

Як паведаміў БелаПАН Севярынец, адказ падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі прэзідэнта Рыгор Шлык. У дакуменце адзначаецца, што асноўнымі мэтамі дэкрэта № 3 з’яўляюцца «стымуляванне грамадзян нашай краіны да легальнай працоўнай дзейнасці, уцягванне насельніцтва ў дазволеныя беларускім заканадаўствам віды дзейнасці, скарачэнне ценявой эканомікі і забеспячэнне выканання грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў».

У адказе пералічваюцца катэгорыі грамадзян, якія не з’ўляюцца плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што разгляд на месцах кожнага канкрэтнага выпадку “дазволіць улічваць разнастайныя жыццёвыя сітуацыі, пры якіх грамадзяне, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў па аб’ектыўных прычынах, не павінны з’яўляцца плацельшчыкамі збору”.

Заканчваецца адказ, адзначыў Севярынец, словамі, што яго патрабаванні пра адстаўкі «прыняты да ведама».

Naviny.by

Болей навін