Праграма БХД. Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем

25 лютага 2017 18:29  |  Галоўныя навіны

Праграма БХД. Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем

3.2.1. БХД зыходзіць з таго, што развітая грамадзянская супольнасць з’яўляецца гарантыяй паспяховага вырашэння сацыяльных праблем, дае магчымасць паменшыць дзяржаўную прысутнасць у розных сферах грамадскага жыцця за кошт самаарганізацыі грамадзян і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасцяў і грамадства ў цэлым.

3.2.2. У нашым разуменні грамадзянская супольнасць – гэта сукупнасць форм актывізму ў прасторы сацыяльных адносін, куды не ўваходзіць барацьба за палітычную ўладу, дзяржаўнае кіраванне і бізнэс. Такімі формамі актывізму з’яўляюцца адносіны паміж людзьмі, іх дзеянні, дамоўленасці, формы ўзаемадачыненняў, якія маюць не прыватны, а сацыяльны характар. Такі актывізм часта набывае арганізаванасць у выглядзе фармальных і нефармальных грамадскіх арганізацыяў, ініцыятыў, рухаў і асацыяцыяў грамадзян. Яны існуюць дзеля прадстаўніцтва і прасоўвання інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп, дзеля садзеяння вырашэнню грамадскіх праблем, дзеля спрыяння самаарганізацыі грамадзян, укаранення ў грамадстве каштоўнасцяў плюралізму і дэмакратыі, дзеля вынаходніцтва новых ведаў, удзелу ў сацыялізацыі грамадзян, пашырэнні сацыяльнага капіталу ў грамадстве, аказання грамадска значных паслуг.

3.2.3. БХД бачыць некалькі асноўных праблем, якія мы мусім вырашаць у грамадзянскай супольнасці. Гэтыя праблемы з’яўляюцца асноватворнымі з гледзішча якаснага развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

3.2.4. Па-першае, перад беларускімі грамадскімі арганізацыямі стаіць неабходнасць дасягнення кансэнсусу па базавых каштоўнасцях як, напрыклад, дэмакратычны лад у дзяржаве, адраджэнне беларускай мовы, незалежнасць беларускай дзяржавы.

3.2.5. Па-другое, нізкая ступень грамадзянскай і палітычнай мабілізацыі насельніцтва, што звязана, у тым ліку, з моцнай унутранай ізаляванасцю, калі людзі самаадхіляюцца ад удзелу ў грамадскім жыцці, замкнёныя на самастойнае вырашэнне прыватных праблем, якія маюць сацыяльныя карані. Што тычыцца нізкай мабілізацыі насельніцтва, то гэта з’яўляецца галоўнай пагрозай развіцця дэмакратыі знізу. Мы разумеем, што пасля ўсталявання дэмакратычнага ладу ў Беларусі паспяховаць і хуткасць станаўлення дэмакратычных працэдур будзе залежаць ад палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей і іх даверу да новых уладаў як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах.

3.2.6. Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Прычым такое партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Наша бачанне такога партнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэсу ў сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю дзеля агульнага дабра.

3.2.7. У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы, урад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі значная роля належыць паветам, мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у сацыяльным сектары.

3.2.8. БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя можа быць ліквідавана толькі па рашэнні суда ў выпадку грубага і сістэматычнага парушэння заканадаўства.

З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін