Мурад Амрыеў і незалежнасць Беларусі этапаваныя ў Расею на адным аўтамабілі

10 чэрвеня 2017 13:26  |  Блог Віталя Рымашэўскага

Мурад Амрыеў і незалежнасць Беларусі этапаваныя ў Расею на адным аўтамабілі

 

Выдача
беларускімі ўладамі Мурада Амрыева чачэнскім сілавікам – ганебны ўчынак, які не
толькі парушае правы чалавека, але і прыніжае Рэспубліку Беларусь.

 

Фактычна Мурада
вывезлі на катаванні і смерць у Чачню. Груба парушылі яго правы, парушылі як
беларускае, так і міжнароднае заканадаўства. На жаль, выканання правоў чалавека
ад беларускіх уладаў, даўно ніхто не чакае. Аднак справа не толькі ў гэтым.

Нягледзечы на
поўную ізаляцыю ў Беларусі, Амрыеў паспеў распавесці праз журналістаў, што прасіў
палітычнага прытулку ў Беларусі. Да ўладаў звярталіся праваабаронцы і сваякі
затрыманага. Аднак беларускія ўлады гэты зварот праігнаравалі.

Па сутнасці,
такім чынам ўвесь сілавы блок Беларусі спрацаваў не як структура незалежнай
краіны, але як сілавыя ведамствы расейскага рэгіёну. Бо любая НЕЗАЛЕЖНАЯ краіна
хаця б фармальна АБАВЯЗКОВА мусіць разглядзець хадайніцтва аб наданні
палітычнага прытулку, і толькі пасля адмовы – высылаць чалавека з краіны.

Прычым сярод
расейскіх рэгіёнаў нашы сілавікі выставілі Беларусь на ўзроўні самага нікчэмнага
і несамастойнага рэгіёна РФ. Бо нават паліцыя з расійскага Бранска прыняла
пастанову аб вызваленні Амрыева з-за адсутнасці прэтэнзій да яго (гэты дакумент
не прынялі ў Добрушскім РАУС). Такім чынам МУС Бранска уступіла ў палеміку з
чачэнскімі спецслужбамі. Беларускія ж сілавікі спяшаліся як мага хутчэй выканаць
патрабаванні служб Кадырава, якія абвесцілі Мурада Амрыева ў вышук.

Беларускі ўрад праігнараваў
зварот уплывовай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, якая выпусціла
заяву ў сувязі з пераследам байца ММА Мурада Амрыева. Віцэ-прэзідэнт Freedom
House Роберт Херман заклікаў урад Беларусі прызнаць, “што запыт Чачні аб
экстрадыцыі Амрыева заснаваны на абсалютна выдуманым абвінавачванні ў падробцы
дакументаў, і што ў яго [Амрыева] ёсць рызыка быць забітым. Амрыеў бег з Чачні
ў 2013 годзе пасля таго, як быў затрыманы і падвергся катаванням у паліцыі з-за
канфлікту паміж яго братам і чачэнскімі ўладамі. Існуюць важкія довады супраць
экстрадыцыі, уключаючы тое, што чачэнскія ўлады сістэматычна парушаюць закон»

Мяркую, што
выдача Амрыева Беларуссю будзе адназначна ацэнена як саўдзел беларускіх уладаў
у пераследзе і парушэнні правоў. А імя Аляксандра Лукашэнкі з’явіцца ў
справаздачах еўрапейскіх праваабарончых арганізацыі побач з імем Рамзана
Кадырава. І гэта далёка не тое, што паспрыяе наладжванню стасункаў Беларусі з
Захадам

У дадатак на
увесь свет яшчэ раз прадэманстравана прававое бязмежжа беларускай сістэмы.

Амрыеў у засценках
беларускіх сілавых структур трапіў ў абставіны, якія чакаюць любога а
затрыманага беларуса – поўная ізаляцыя ад знешняга свету, немагчымасць
патэлефанаваць, звязацца з адвакатам, поўнае ігнараванне запытаў…

Болей навін