Павел Севярынец: Дзяржаўны бандытызм павінен быць спынены

01 снежня 2017 09:13  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Дзяржаўны бандытызм павінен быць спынены

 

Апошнім часам у Беларусі знізілася колькасць палітычных зняволеных. За кратамі засталіся двое палітзняволеных – Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны, за лёсамі якіх сочаць не толькі праваабаронцы, але і іншыя неабыякавыя беларусы. За стойкі характар іх перыядычна ціснуць у калоніях. Міхаіл ужо 11 разоў са жніўня гэтага года адсядзеў у ШІЗА калоніі ў Горках, але пакуль улады не рашаюцца пераводзіць яго на турэмны рэжым.

А Зміцер Паліенка таксама амаль кожны месяц трапляе ў штрафны ізалятар на 10 сутак у Бабруйску, што імаверна можа дадаць яму тэрмін зняволення. Чаму беларускім уладам выгадна мець палітычных зняволеных і наколькі цяжка перажыць фізічны і псіхалагічны ціск?

Пра гэта ды іншае «Радыё Рацыя» паразмаўляла з былым палітвязнем Паўлам Севярынцам.

– Апошнім часам у Беларусі усё ж зменшылася колькасць гучных спраў, звязаных з палітвязнямі. Але ўсё-такі яны ёсць. Напрыклад, усім вядомая гісторыя з Міхаілам Жамчужным, які ў горацкай турме ўжо 11 раз сядзіць у ШІЗА. Чаму так адбываецца? Усё ж на яго ціснуць, бо гэта стойкі і моцны чалавек? І наколькі цяжка гэта перажыць?

– Па нашых падліках, у Беларусі 9 чалавек сядзяць за палітычныя перакананні, то бок 9 поўных палітвязняў. Гэта калі не лічыць тых, хто адседжваў рэгулярна суткі. Калі не лічыць Уладзіміра Някляева, якога хворага пакідаюць без лекаў на Акрэсціна. Калі не лічыць Мікалая Статкевіча, якога з сутак на суткі выпускаюць, і іншых людзей: Ніну Багінскую, у якой адабралі лецішча, Вольгу Нікалайчык, у якой зараз адбіраюць дом. На жаль, усё гэта беларускі рэжым робіць. І, на жаль, еўрапейцы заплюшчваюць на ўсё гэта вочы.

Робіцца спроба зрабіць выгляд, што гэтага няма. А рэжыму выгадна мець палітвязняў, бо гэта тавар для гандлю з Захадам, калі раптам абвастрацца стасункі. І па-другое, яны маюць прыклад практычна для кожнай мэтавай аўдыторыі: бойцеся! Напрыклад, бяруць футбольнага заўзятара, як Ілля Валавік. Бяруць праваабаронцу, як Міхаіл Жамчужны. Бяруць Змітра Паліенку – анархіста. І вось, калі ласка, тры сацыяльныя групы, якія рэжым лічыць для сябе небяспечнымі, пад ударам. Ёсць крымінальная справа супраць патрыётаў, высмактаная з пальца, але яна вісіць, хлопцы пад судом.

– Наконт «Белага легіёна». Сапраўды, кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч казаў, што ў канцы восені ў гэтай справе павінна стаяць кропка. Як Вы лічыце, якая ўсё ж кропка будзе пастаўлена?

– Стаяць у гэтай справе павінна толькі адна кропка – павінны быць пакараны людзі, якія ініцыявалі гэтую ганебную справу, якія фальсіфікавалі паказанні, фабрыкавалі гэтую справу. І яны больш ніколі ў жыцці не павінны займацца гэтымі рэчамі.

– Але ж Вы ведаеце, што беларуская ўлада на гэта не пойдзе. Для яе нязвыкла прызнаваць свае памылкі.

– На жаль, так. І мне здаецца, што гэтая справа была нейкай разменнай манетай у стасунках Лукашэнкі з Пуціным. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка прапаноўваў Пуціну даць нейкі крэдыт, маўляў, мы тут нацыяналістаў вылавілі, мы іх пераследуем. Гэта быў і пострах пасля вялікіх маніфестацый вясной 2017 года. Але ў прававым полі, з юрыдычнага пункту гледжання, гэта ганьба, жудасць. Людзей ні за што бяруць, трымаюць некалькі месяцаў у турме. І пасля гэтага не выбачаюцца, не караюць тых, хто фабрыкаваў справу, а робяць выгляд, што нічога не адбывалася, што так і трэба. Вось гэта, канешне, ганебна. І асабліва ганебна, бо гэта годныя людзі. Гэта людзі, гатовыя абараняць незалежнасць Беларусі. Гэта людзі, якія б зрабілі гонар любой еўрапейскай краіне. А ў нас яны, на жаль, пад справай і судом.

– Вы ўзгадалі Змітра Паліенку, які лічыўся сацыяльным актывістам і сеў ні за што, калі можна так сказаць. Спачатку ў яго быў умоўны тэрмін, цяпер ён сядзіць, і зараз яго таксама накіроўваюць у ШІЗА нібыта за тое, што не падпарадкоўваецца. Як Вы лічыце, яго хочуць даўжэй патрымаць?

– Насамрэч першая задача, якая стаіць у рэжыму ў дачыненні да кожнага палітвязня, – зламаць асабіста чалавека. Акрамя таго, што рэжым пазбаўляецца свайго суперніка, ён паказвае, што і такіх ламаюць. Гэта прыклад для іншых. Але вось гэтыя людзі не ламаюцца – ні Жамчужны, ні Паліенка, ні тыя, хто зараз на сутках. Яны працягваюць змагацца. ШІЗА – гэта дэманстрацыйная справа: паказваюць усім і кожнаму, што можа быць з табой.

Ты не толькі апынешся ў ізаляцыі, у турме, а гэта будуць рэальныя катаванні, здзек, рэальная пагроза..

Вось абурыліся дэкрэтам. Акрамя перніка і адмены дзеяння дэкрэта, ёсць пуга – арыштаваныя патрыёты і шэраг новых палітвязняў з’яўляецца. Таму мне здаецца, што гэтая заганная практыка, гэта бандытызм на дзяржаўным узроўні павінен быць спынены.

Беларускі народ гаворыць пра гэта гучна. Мы пра гэта гаворым, праводзім форумы, акцыі. Павінна гучна сказаць пра гэта і Еўропа. Нейкі час мы бачылі, што ў еўрапейцаў была цвёрдая пазіцыя, а зараз, на жаль, яна не такая. Хоць мне здаецца, што дастаткова некалькіх слоў высокіх еўрапейскіх прадстаўнікоў, якія працуюць у Беларусі, пра тое, што Беларусь не атрымае дапамогі ці нейкіх крэдытаў, калі будзе так груба абыходзіцца са сваімі грамадзянамі. І тады справа б была вырашана на працягу літаральна некалькіх гадзін. У нас выйшлі б на свабоду палітвязні, у нас не саджалі б на суткі. Гэта рэальнасць, якой могуць дамагчыся тыя ж самыя еўрапейцы.

За ўвесь час, па звестках сайта palitviazni.info, палітычнымі вязнямі ў Беларусі былі прызнаныя каля 200 чалавек. Адныя з іх адбылі тэрміны, іншыя знаходзяцца за мяжой пад пагрозай пераследу. Некаторыя з палітычных вязняў атрымалі буйныя штрафы, а іншыя былі памілаваныя ўладай.

Болей навін