Ці быць ужо парку 1000-годдзя?

02 мая 2019 14:25  |  Блог Таццяны Севярынец

Ці быць ужо парку 1000-годдзя?

 

Прайшло ўсяго больш за 40 гадоў, як віцебскія ўлады абвесцілі пустку за лядовым палацам (якога тады не было і ў планах) паркам 1000-годзя (урачыста адзначалася дата 1000 год гораду ў 1974 годзе), і два гады, як віцебскія сябры аргкамітэту БХД, актывісты ініцыятывы «Віцебск – горад наш», пачалі грукацца ў дзверы начальнікаў ды патрабаваць выканаць, нарэшце, тыя 40-гадовай даўніны планы.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што чыноўнікі час ад часу ўзгадвалі пра парк: вадаём калісьці абклалі каменнем, забаранілі купацца, гнілым зубам уторкнулі біяпрыбіральню, увесь час зачыненую, а валанцёры амаль штогод упарта тыркалі ў паркавую гліну дрэўцы з марай, што, нарэшце, нешта прыжывецца.

22 красавіка парк стаў галоўнай пляцоўкай агульнанацыянальнага суботніка. Напярэдадні прывезлі зямлі, дрэўцаў, пачалі рыць уздоўж дарожак (2 гады пракладалі) траншэю для кабелю, каб і вадаём, і дарожкі заззялі ліхтарамі. Усё начальства, абласное і гарадское з памагатымі, былі тут, браліся за лапаты, пазіравалі на фоне блакітнага неба, бо парк упарта не хацеў станавіцца паркам, але колькі дзясяткаў дрэўцаў пасадзілі.

Актывісты ініцыятывы ў той дзень вырашылі, што іх высілкі будуць больш карыснымі на Адамавай сядзібе ў Вялікіх Лётцах… Але руку на пульсе парка трымалі.

Начальства па старой савецкай звычцы ўсталявала ля вадаёма вялікі камень, прыкруціла да яго шыльду, што вось гэта ў парку будзе алея, прысвечаная 75-годдзю са дня вызвалення Віцебску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Я доўга наразала колы па парку, каб пабачыць яшчэ якія азначаныя датамі знакі. Не знайшла.
За 1000 гадоў Віцебску здарылася толькі гэтая падзея? Падзея, ніхто не спрачаецца, асабліва калі ўзгадаць, як старанна пляжылі савецкія самалёты горад, які пакідалі ў 1944 годзе немцыІ 118 жыхароў, якія засталіся ў жывых, пачалі падымаць з руін горад…

Ці прыжывуцца, нарэшце, дрэўцы? Уздоўж праспекту Перамогі на тэрыторыі таго, што павінна, нарэшце, стаць паркам, моладзь па камандах «Бяры! Стаў! Прысыпай! Прыціскай! Палівай!» тое выконвае. Дрэўцы раскладзены каля лунак. Дзе корань, дзе верхавіна – разабраць складана, бо гэта нейкія абрубкі. Пабачыўшы тое, не стала ўмешвацца ў працэс, але прыйшла горкая думка, што і на гэты раз цяжка будзе назваць гэтую пустку паркам. Так, дарожкі амаль усе праз пустку пракладзеныя, падключаць ліхтары. Рубільнік тут, пэўна, будзе паварочваць галоўны госць «Славянскага базару» – штогод нешта адкрывае, і няважна, як тое адкрыццё хутка закрываецца на тэрміновы рамонт.

Звыкла без душы, без агеньчыка, без любові да гораду. Ляніва цюкаюць па бардзюру рабочыя, другія мацюкаюцца ля груды пліткі, на заўвагу нязлосна агрызаюцца, пытаючыся разабрацца, на якой гэта мове я да іх звярнулася. Нешта памянялася ў атмасферы гораду за 1000 гадоў. Не хоча ён красавацца на высокіх берагах Дзвіны, не адчуваецца тут ганарлівага пераможнага духу беларусаў.

 

Таццяна Севярынец

 

Ці быць ужо парку 1000-годдзя?
Ці быць ужо парку 1000-годдзя?
Ці быць ужо парку 1000-годдзя?
Ці быць ужо парку 1000-годдзя?
Ці быць ужо парку 1000-годдзя?

Болей навін