Таццяна Севярынец: У рэшце рэшт, улада вымушана з намі лічыцца

04 мая 2016 13:07  |  Галоўныя навіны

Таццяна Севярынец: У рэшце рэшт, улада вымушана з намі лічыцца

Напярэдадні пачатку кампаніі па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец адказала на пытанні нашага карэспандэнта.

Спадарыня Таццяна, як Вы мяркуеце, што з’яўляецца прычынай такога зацятага нежадання ўладаў рэгістраваць БХД?

«Беларускую хрысціянскую дэмакратыю» ўлады не рэгіструюць ні як партыю, ні як рух. Акрамя таго, у рэгіёнах праігнараваныя некалькі дзясятак спробаў рэгістрацыі хрысціянска-дэмакратычных аб’яднанняў. Справа ў тым, што ўсе, ад каго залежыць рэгістрацыя, мабыць, добра запомнілі даўнюю заяву кіраўніка дзяржавы, што «БХД не будзе зарэгістраваная ніколі» – не дапамагае ні зняцце санкцый, ні чарговы перыяд лібералізацыі ў адносінах з Захадам.

Ведаеце, улада мае вельмі шмат механізмаў уздзеяння на простага чалавека, каб знайсці фармальныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі. Калі на працу да пенсіянеркі (сябра БХД), якая вельмі баіцца страціць крыніца дадатковага заробку – бо пенсіі ў нас мізэрныя – прыходзяць два чалавекі з Успенкі і выклікаюць на размову, то вынік прадказальны – чалавек адмаўляецца ад свайго подпісу…

Аднак не рэгіструюць нас перш за ўсё па той прычыне, што мы займаем вельмі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Нашы кампаніі «Народны дэпутат» і «Народны кантроль» не засталіся незаўважанымі.

Цяжка з Вамі не пагадзіцца: на фоне палітычнай і сацыяльнай апатыі ў краіне дзейнасць вашых актывістаў не застаецца незаўважанай. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра свае справы і дасягненнях.

У Віцебску з 2010 года ідзе актыўная праца з гараджанамі па актуальных сацыяльных праблемах: асвятленне вуліц, новыя маршруты і паляпшэнне руху грамадскага транспарту, арганізацыя веласіпедных дарожак, рашэнне лёсу разбуранага будынка «Будтрэста №9», які на працягу дзесяці гадоў пераходзіў з рук у рукі. Ёсць на нашым рахунку і ўдзел у агульнанацыянальных кампаніях у падтрымку прадпрымальнікаў, у абарону жыцця, у забарону рэкламы алкаголю на тэлебачанні… Цяпер ідзе збор подпісаў за зручны пераход на вуліцы акцёраў Яроменкаў і паляпшэнне руху аўтобуса №33. І, як паказвае вопыт, хоць і не адразу, але, у рэшце рэшт, улада вымушана з намі лічыцца.

З 2014 года мы ўшчыльную заняліся станам медыцыны. Арганізавалі ініцыятыву «Якасная медыцына ў Віцебску для ўсіх» і пачалі збор подпісаў за будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў Білева. Мікрараён, збудаваны на грошы падаткаплацельшчыкаў, здзіўляе амаль поўнай адсутнасцю сацыяльных выгод, сярод якіх маюцца хіба што толькі крамы, пабудаваныя на грошы прыватнікаў. Адсутнасць паліклінікі для трыццацітысячнага насельніцтва Білева-1, Білева-2 і Білева-3 з’яўляецца найбольшай праблемай.

На сённяшні дзень пляцоўкі, адведзеныя пад сацыяльныя аб’екты, цалкам закінутыя. Там паўсюль конь не валяўся: хмызняк заняў месца школы, пліты скінутыя ў катлаван, стаіць вада. Дзіцячы сад будуецца з чырвонай цэглы, але спецыялісты кажуць, што дастаткова аднаго сезону, каб цэгла пачала рассыпацца на аскепкі, нават пры яго кансервацыі поліэтыленам. Падобнае разбурэнне адбываецца і з паліклінікай на Поўдні-7, якая не будуецца з 2010 года.

Калі чыноўнікі кажуць: «Няма грошай», «Так атрымалася», і пры гэтым не маюць ніякага зразумелага тлумачэння прычын такога стану, то хіба перад намі дзяржаўныя асобы? Гэта выпадковыя людзі на сваіх пасадах, у якіх няма адказнасці ні за што.

Нядаўна мы задалі гарадскім дэпутатам пытанне: «Дзе грошы на паліклінічны комплекс у Білева?» І ведаеце, што пачулі ў адказ? – «А яго пабудова наогул не планавалася…»

З паведамленняў у сродках масавай інфармацыі вядома, што БХД прыме ўдзел у цяперашніх парламенцкіх выбарах. Якія мэты вы перад сабой ставіце?

На парламенцкія выбары мы ідзем у складзе права-цэнтрысцкай кааліцыі. Асабіста мы мяркуем вылучыць па Віцебскай вобласці шэсць кандыдатаў у дэпутаты, два з іх – па Віцебску.

Зразумела, выбараў няма, але мы скарыстаемся афіцыйнай магчымасцю больш шчыльнай працы з людзьмі, бо праблем шмат не толькі па Білевскай выбарчай акрузе. Дарэчы, я перагледзела праграму цяперашняга дэпутата Міхаіла Волкава. Там канкрэтна гаворыцца аб паскарэнні будаўніцтва і паліклінічнага комплексу, і дзіцячага садка, і школы ў Білева, і паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7… Але ні адна з гэтых праблем не вырашана, ні адзін пункт не выкананы…

Дарэчы, нядаўна я паспрабавала запісацца на сустрэчу з дэпутатам і звярнулася ў яго прыёмную. Памочніца, пачуўшы пытанні, якія я хачу закрануць, адразу напружылася і запэўніла, што дэпутат іх добра ведае і трымае пад кантролем. Праз дзень яна ператэлефанавала і выказала меркаванне, што, мабыць, дэпутат мяне не прыме, бо я пражываю ў іншай выбарчай акрузе. Але як ён можа не прыняць сваіх выбаршчыкаў, з якімі я да яго прыйду?

Выкарыстоўваючы рэдкую магчымасць дазволеных зносін з выбаршчыкамі, мы паспрабуем правесьці карысную перадвыбарчую кампанію. Я таксама мяркую вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але, беручы пад увагу маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, ужо цяпер больш чым перакананая, што мяне не зарэгіструюць.

С. Горкі, Dyjalog

Болей навін