Беларускія ўлады не хочуць ствараць пазабюджэтны медыцынскі фонд

31 мая 2016 14:53  |  Галоўныя навіны

Беларускія ўлады не хочуць ствараць пазабюджэтны медыцынскі фонд

Стварэнне пазабюджэтнага дзяржаўнага медыцынскага фонду, сродкі якога могуць быць выкарыстаны на рамонт і мадэрнізацыю медыцынскіх устаноў, за кошт акцызаў і падаткаў на ігральны бізнес, алкаголь, тытунь і штрафаў за экалагічныя парушэнні будзе супярэчыць нормам бюджэтнага заканадаўства. Такі адказ з міністэрства фінансаў атрымала Магілёўскі абласны каардынатар аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і кампаніі «За якасную мэдыцыну для ўсіх» Таісія Кабанчук.

А ў Бабруйскім гарвыканкаме адказалі, што пытанне стварэння фонду не знаходзіцца ў кампетэнцыі сістэмы аховы здароўя Беларусі.

У гарвыканкаме, адказваючы на шэраг іншых прапаноў БХД, таксама адзначылі, што праведзены першы этап рэканструкцыі гарадской дзіцячай бальніцы. З уводам у эксплуатацыю сістэму рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі завяршаецца працэс вызвалення плошчаў установы за кошт аб’яднання філіялаў для ўступлення ў далейшы этап рэканструкцыі. У планах генплана Бабруйска ў перспектыве прадугледжана плошча забудовы па вуліцы Ульянаўскай «пры выдзяленні фінансавання». Гэта, па словах галоўнага ідэолага горада Аляксандра Маркачова, гэта зможа забяспечыць аказанне дапамогі дзецям, якія пражываюць у раёне паліклінікі №4.

«Цяпер паліклініка знаходзіцца ў інтэрнаце. Займае адзін паверх. Мы прасілі знайсці для яе новае месца. Але гэта толькі ў перспектыве. Калі тая перспектыва будзе – адказу няма», – адзначыла ў каментары прэс-службе БХД Таісія Кабанчук.

У Міністэрстве аховы здароўя ж на прапанову пабудаваць новы будынак дзіцячай бальніцы напісалі, што пытанне аб пачатку або працягу будаўніцтва аб’ектаў аховы здароўя «разглядаецца зацікаўленымі пры падрыхтоўцы планаў асваення капітальных укладанняў на чарговы фінансавы год”. «Хай бы напісалі, што ваша прапанова будзе разгледжана. Дык яны кажуць адцягненымі фразамі, маўляў, адвалі. Наадказвалі разам на васьмі старонках, але ніякай канкрэтыкі ні на адну нашу прапанову. І бабуля засталася ля пабітага карыта», – падкрэсліла Таісія Кабанчук.

Болей навін