Віталь Рымашэўскі. Парад каштоўнасцяў

04 ліпеня 2017 09:12  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі. Парад каштоўнасцяў

 

Арганізацыя
ваеннага параду ў Мінску – сімвал, наглядная ілюстрацыя сутнасці абранай
дзяржаўнай палітыкі.

 

Па сутнасці,
такія масавыя дэманстрацыі ў дзень дзяржаўных святаў дэманструюць геапалітычны
і ўнутрыдзяржаўны выбар краіны, а таксама адлюстроўваюць каштоўнасныя
арыентацыі дзяржавы.

Гаворка цяпер не
пра тое, ці правільна абраная дата свята (на маю думку – абсалютна не).
Галоўнае – святкуецца нацыянальны Дзень незалежнасці. У гэты дзень, на
афіцыйных мерапрыемствах дэманструецца тое, што дзяржава лічыць асновай сваёй
незалежнасці, сваёй моцы, свайго ўплыву, асновай сваёй палітыкі. У Беларусі, як
і ў многіх аўтарытарных дзяржавах, яшчэ з часоў СССР адбываецца спроба
дэманстрацыі “мускулаў” – ваеннай сілы, якая, на думку дзяржаўных чыноўнікаў,
ёсць галоўная аснова і апора незалежнасці Беларусі. У дадзеным выпадку ўсяму
свету дэманструецца атрафаваная і слабая мускулатура, здольная ўразіць хіба што
дзяцей, якія не маюць ні найменшага ўяўлення аб сучасных узброеных сілах
сучасных дзяржаў. Думаю, што з боку наша краіна з гэтымі спробамі дэманстрацыі
ваеннай моцы выглядае хутчэй як неандэрталец з дубінай, чым як сур’ёзны
праціўнік.

Што можна
прывесці ў якасці альтэрнатывы? Для мяне яркім і шакавальным уражаннем у свой
час стала знаёмства з тым, як адзначаюць Дзень канстытуцыі ў Нарвегіі. Для
гэтай краіны гэта галоўнае свята, якое сімвалізуе незалежнасць краіны. У гэты
дзень праходзяць масавыя парады па ўсёй краіне, аднак у гэтых парадах не
ўдзельнічае НІ АДНА АДЗІНКА БАЯВОЙ ТЭХНІКІ. Падчас параду ў Нарвегіі дзеці, а
разам з імі і дарослыя, ідуць у нацыянальных строях з нацыянальнай нарвежскімі
сцягамі… Першая рэакцыя чалавека з аўтарытарных краін на такія парады –
здагадка, што ў Нарвегіі няма ўзброеных сілаў, якімі можна ганарыцца, няма
«мускулатуры» , якую можна паказваць усяму свету. Але досыць паглядзець
агульнадаступную інфармацыю пра ўзброеныя сілы Нарвегіі, і робіцца відавочным,
што беларускае войска ў параўнанні з нарвежскім – проста кволае немаўля.

Пры гэтым
Нарвегія як сімвал, як аснову сваёй незалежнасці дэманструе парад дзяцей, парад
грамадзян, аб’яднаных патрыятызмам да сваёй радзімы. Нарвегія дэманструе, што чалавек
з’яўляецца асновай каштоўнаснай сістэмы гэтай дзяржавы. Гэта паказваецца ўсяму
свету як галоўная сіла, як упэўненасць, як гарантыя незалежнасці Нарвегіі.

Што дэманструе
Беларусь на парадзе? Акрамя дэманстрацыі сваёй ваеннай няздольнасці, пачынаючы
з самой падрыхтоўкі да гэтага параду, дзяржава дэманструе пагарду грамадзянамі
краіны. Танкамі і ваеннымі калонамі падчас падрыхтоўкі і падчас правядзення
парада топчацца прыватнае жыццё менчукоў і тых, хто вырашыў прыехаць у Мінск у
гэты час. Шматгадзінныя коркі падчас праходжання калон, паламаны асфальт,
абмежаванні на дарогах на працягу двух тыдняў да і падчас параду… Паміж
чалавекам і танкам беларуская дзяржава выбірае танк. У выніку – пазбаўляецца
падтрымкі сваіх грамадзян, ніколькі не выйграючы ў ваеннай моцы.

Беларускаму
кіраўніцтву як людзям з мінулага трэба зразумець, што сёння войны выйграюцца не
тымі, у каго ваенны патэнцыял большы. Як і ўплыў у свеце залежыць не ад
колькасці танкаў. У аснове міжнароднага ўплыву, як і ў аснове эфектыўнасці
арміі ляжыць эфектыўнасць эканомікі, якая вызначаецца сістэмай кіравання
дзяржавай. І ў аснове кожнай сістэмы кіравання ляжыць набор каштоўнасцяў,
абапіраючыся на якія, дзяржава стварае эфектыўную эканоміку, ахову здароўя,
адукацыю, войска.

Якая сістэма
каштоўнасцяў у канчатковым рахунку выйграе – тая, у аснове якой патрэбы танка,
ці тая, у якой у аснове патрэбы чалавека?

Як бачым на
прыкладзе Нарвегіі і Беларусі – адказ відавочны.

Увечары 3 ліпеня
на радасць мінчанам танкі выехалі з горада. Для нармальнага жыцця засталося не
так шмат – каб танкі выехалі і з галавы беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў.

Болей навін