У Менску створаная Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору

14 кастрычніка 2019 11:27  |  Галоўныя навіны

У Менску створаная Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору

Каля дваццаці чалавек, якія займаюцца ушанаваннем памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору з розных гарадоў Беларусі (Менск, Віцебск, Магілёў, Ворша, Барысаў, Баранавічы, Лагойск) падзяліліся досведам, распавялі пра крыжы і помнікі, усталяваныя на месцах расстрэлаў па ўсёй Беларусі – і дамовіліся праводзіць сталыя сустрэчы дзеля каардынацыі працы і стварэння агульнай базы звестак ахвяраў чырвонага тэрору.

Сустрэчу на сядзібе Незалежнага прафсаюза РЭП ініцыяваў і вёў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Дамовіліся аб’яднаць высілкі, распрацаваць агульную метадычку для збору і захавання звестак пра ахвяраў камунізму, стварыць агульную электронную базу рэпрэсаваных, скаардынаваць працу па архівах, распрацаваць агульнабеларускія маршруты экскурсіяў, выставы, каляндар падзеяў.
-Вялікая праца на гады і дзесяцігоддзі атрымала новы штуршок, – сказаў у інтэрвію прэс-службе БХД Павел Севярынец. – Упэўнены, што супольная праца ўрэшце прывядзе да стварэння Беларускага інстытута нацыянальнай памяці з філіямі і музеямі па гарадах і мястэчках, да сістэмы пошуку сваіх рэпрэсаваных сваякоў, да яснай свядомасці народа. Бо пакуль ахвяры тэрору ляжаць у зямлі забытыя, пакуль кроў нявінна забітых нема крычыць да Госпада – гэтая краіна і гэты народ асуджаны вяртацца да пачвараў камунізму.
Наступная нарада запланаваная на студзень 2020 года.

Болей навін